Новости проекта
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 0 человек

Казкі на ноч

Дата: 14 марта 2019 в 20:37, Обновлено 14 марта 2019 в 21:08

Што можа быць лепш дзіцячай казкі на ноч? Казка на ноч – гэта ўвага і любоў бацькоў, якія так неабходныя маленькім дзецям. Гэта свайго роду пажаданне спакойнай ночы. Толькі не кароткае або нядбайнае, а доўгае і грунтоўнае, прасякнутае пяшчотай і клопатам. Казка на ноч - гэта зносіны з малым на чароўнай, зразумелай яму мове, гэта маленькія бяспечныя ўрокі жыцця. Пачытайце сваім дзецям казку, яна дапаможа супакоіцца пасля бурнага дня і наладзіцца на сон.

Курачка-Рабка

Жыў дзед, жыла бабка. Была ў іх курачка-рабка. Нанесла курачка яечак поўны падпечак. Сабрала бабка яечкі ў чарапіцу ды паставіла на паліцу. Мышка бегла, хвосьцікам махнула, чарапіца ўпала, яечкі пабіліся. 
Плача дзед, плача бабка, курачка кудахча, вароты скрыпяць, трэскі ляцяць, сарокі трашчаць, гусі крычаць, сабакі брэшуць. 
Ідзе воўк: 
— Дзедка, бабка, чаго вы плачаце? 
— Як жа нам не плакаць? Была ў нас курачка-рабка. Нанесла курачка яечак поўны падпечак. Сабрала бабка яечкі ў чарапіцу ды паставіла на паліцу. Мышка бегла, хвосьцікам махнула, чарапіца ўпала, яечкі пабіліся. І воўк завыў. Ідзе мядзьведзь: 
— Воўк, чаго выеш? 
— Як жа мне не выць? Жыў дзед, жыла бабка. Была ў іх курачка-рабка. Нанесла курачка яечак поўны падпечак. Сабрала бабка яечкі ў чарапіцу ды паставіла на паліцу. Мышка бегла, хвосьцікам махнула, чарапіца ўпала, яечкі пабіліся. Плача дзед, плача бабка, курачка кудахча, вароты скрыпяць, трэскі ляцяць, сарокі трашчаць, гусі крычаць, сабакі брэшуць... А я брахаць ня ўмею, дык і завыў. 
Выслухаў мядзьведзь казку і адарваў сабе хвост. Так з таго часу і жыве з куртатым хвастом. 

Каток - залаты лабок

Жыў дзед з бабай. Былі яны вельмі бедныя: ні насіць няма чаго, ні варыць. Вось баба і кажа дзеду: 
— Вазьмі, дзеду, тапарок, паедзь у лясок, сьсячы дубок, завязі на рынак, прадай і купі гарчык мукі. Сьпячом хлеб. 
Сабраўся дзед, паехаў у лясок, пачаў секчы дубок. Выскачыў з дуба каток — залаты лябок, залатое вушка, срэбранае вушка, залатая шарсьцінка, срэбраная шарсьцінка, залатая лапка, срэбраная лапка. 
— Дзед, дзед, што табе трэба? 
— Ды вось, каточак, мой галубочак, паслада мяне баба ссекчы дубок, завезьці на рынак, прадаць і купіць гарчык мукі на хлеб. 
— Едзь, дзед, дахаты: будзе ў вас мука! 
Прыехаў дзед дахаты, ажно ў яго мукі повен засек! 
Сьпякла баба хлеб, сама наелася, дзеда накарміла ды кажа яму: 
— Ня шкодзіла б цяпер і заціркі наварыць. Ды солі няма. Вазьмі, дзеду, тапарок, паедзь у лясок, стукні ў дубок, ці ня выскачыць каток — залаты лабок: папрасі ў яго солі. 
Узяў дзед тапарок, паехаў у лясок, стук у дубок!... Выскачыў каток — залаты лабок, залатое, вушка, срэбранае вушка, залатая шарсьцінка, срэбраная шарсьцінка, залатая лапка, срэбраная лапка. 
— Дзед, дзед, што табе трэба? 
— Ды вось, каточак, мой галубочак: хлеб ёсьць — солі няма! 
— Едзь, дзед, дахаты: будзе соль! 
Прыехаў дзед дахаты, ажно ў яго солі цэлая дзежка стаіць! 
Наварыла баба заціркі, сама наелася, дзеда накарміла ды кажа яму: 
— Ня шкодзіла б цяпер і капусты паспытаць. Вастры, дзеду, тапарок, едзь у лясок, стукні ў дубок, ці ня выскачыць каток — залаты лабок: папрасі ў яго капусты. 
Навастрыў дзед тапарок, паехаў у лясок, стук у дубок!...Выскачыў каток — залаты лабок, залатое, вушка, срэбранае вушка, залатая шарсьцінка, срэбраная шарсьцінка, залатая лапка, срэбраная лапка. 
— Дзед, дзед, што табе трэба? 
— Ды вось, каточак, мой галубочак: хлеб ёсьць, соль ёсьць — капусты няма! 
— Едзь, дзед, дахаты: будзе капуста! 
Прыехаў дзед дахаты, а ў яго капусты поўная кадушка! 
Баба кажа: 
— Ай, як добра! Вось каб цяпер яшчэ сальца... Мы б з табою капусты наварылі, сальцам закусілі б. Не палянуўся, дзеду: вазьмі тапарок, паедзь у лясок, стукні ў дубок, ці ня выскачыць каток — залаты лабок: папарасі ў яго сальца. 
Узяў дзед тапарок, паехаў у лясок, стук у дубок!...Выскачыў каток — залаты лабок, залатое, вушка, срэбранае вушка, залатая шарсьцінка, срэбраная шарсьцінка, залатая лапка, срэбраная лапка. 
— Дзед, дзед, што табе трэба? 
— Ды вось, каточак, мой галубочак: просіць баба яшчэ сальца да капусты. 
— Добра, дзед, едзь дахаты: будзе ў табе сала! 
Прыязджае дзед дахаты, а ў яго сала цэлы кубелец! 
Рады дзед, рада баба. Сталі яны жыць ды пажываць, дзецям казкі казаць. І цяпер жывуць, хлеб жуюць, капустаю з салам закусваюць. 
Вось вам казка, а мне абаранкаў вязка. 

Маша і мядзведзь

Жыла-была дзевачка Маша. Пайшла яна з сяброўкамі ў лес чарніцы збіраць. Знайшлі дзевачкі невялічкую лапінку ягад, сабралі ўсе, ды пайшлі далей шукаць. Кусцік за кусцік, чарнічка за чарнічку, так і не заўважыла Маша, як заблудзілася. Стала яна крычаць. Ніхто з сябровак не адгукваецца, звала, звала Маша, асіпла. А ўжо і змяркацца пачало. Цёмна ў лесе стала, страшна. 
Спужалася дзевачка, заплакала. Пачала скрозь слёзы зваць: 
«Хто ў бары, хто ў лесе, прыйдзі ка мне нанач!» 
Ніхто не адклікаецца. Толькі страшна гудзе лес ды рэха адгукаецца. Яшчэ раз крыкнула Маша: 
- Хто ў бары, хто ў лесе, прыйдзі ка мне нанач! 
I раптам да яе данеслася: 
- Я ў бары, я ў лесе, іду к табе нанач! 
Узрадавалася Маша, пачала крапчэй зваць: 
- Хто ў бары, хто ў лесе, прыйдзі ка мне нанач! 
— Я ў бары, я ў лесе, іду к табе нанач. 
Глядзіць Маша, а з лесу вылазіць вялізны мядзведзь. Страшна дзевачцы стала, але ж думае, не адна буду. Мядзведзь ёй і кажа: 
- Пайшлі да мяне жыць. 
Што зробіш, трэба ісці. Прывёў мядзведзь дзевачку ў бярлогу. А там цёмна, гразна. Узялася Маша, прыбрала ўсё. Дала мядзведзю чарніц і хлеба, які брала з сабой у лес. Наеўся мядзведзь і загадаў слаць пасцель. 

- А як мне слаць? — пытае дзевачка. 
- Рад камення, рад палення, ступу пад голаву, карытам накрыцца. 
Цяжка было дзевачцы, але ж паслала, мядзведзь і заснуў. А Маша расплакалася, яшчэ страшней ёй стала, дамоў захацелася. Але як дабрацца ў вёску? 
А жыла ў бярлозе пад печкай мышка. Яна таксама баялася мядзведзя. Маша дала ёй хлебныя крошкі. Паела мышка і кажа: 
— Не плач, Маша, я цябе завяду дамоў. 
Узрадавалася дзевачка і хуценька, пакуль спаў мядзведзь, выслізнула з мышкай з бярлогі. 
Вывела мышка Машу з лесу, прывяла дахаты. Узрадаваліся бацькі. Накармілі мышку і вырашылі пакінуць яе ў сябе. 3 той пары і жывуць мышы побач з чалавекам.

Пчала і муха

Жылі-былі пчала і муха. Пчала з ранку да вечара па лугах лятала, мёд зьбірала. А муха мёд толькі есьці любілі. Дзе мёдам запахне, там і яна. А дзе мёду не чуваць, там муха ня хоча нават пераначаваць. 
Аднаго разу прысела муха адпачыць на зялёным лузе. Сонейка муху прыгравае, лёгкі ветрык абвявае. Кругом кветкі цьвітуць, шустрыя конікі скачуць. У небе птушкі песенькі сьпяваюць. 
Задумалася муха: як добра на сьвеце жыць! 
Думала-думала, ды задрамала. 
А ў гэты час над лугам пчала пралятала. Ляціць, гудзе, мёд у вулей нясе. Цяжка ёй, аж стогне небарака. 
Прахапілася муха ды як закрычыць на пчалу: 
— Ах ты сякая-такая! Чаго тут над вухам стогнеш, мне спаць не даеш! 
— Выбачай, — сказала пчала. — Я шмат мёду нясу, дык і стагну. 
— Ха-ха, — засьмяямлася муха, — шмат мёду нясеш, а сама, нябось, галодная: вунь якая худая — адны косьці... 
— Праўда, — адказвае пчала, — мы, пчолы, зьбіраем пуды, а самі худы. 
— А чаму ж вы худы? І мёд у вас, і вашчына ў вас... 
— Дык жа мёд мы зьбіраем ня толькі для сябе, а і сваім дзеткам, і гаспадару, які нам хату зрабіў, даглядае нас. 
— Чакай, чакай, — кажа муха, — я нешта не зусім цябе разумею: як гэта можна зьбіраць мёд для іншых? Мы, мухі, так не робім. Мы толькі гатовага мёду шукаем. 
— Ат, — замахала крыльцамі пчала, — няма мне калі з табой гаманіць: трэба хутчэй дадому сьпяшацца, мядовую кашку дзеткам варыць. 
— А дзе возьмеш ты мядовую кашку? 
— На сябе вязу. 
— У чым? 
— У вазку, у палазку і за пазушкай. 
Загула пчала ды паляцела ў свой вулей.

Заяц і вожык

У вадзін ясны сонечны дзень стаяў вожык каля дзьвярэй свайго дому, склаўшы рукі на жываце, і напяваў песеньку. Сьпяваў ён сваю песеньку, сьпяваў і раптам уздумаў: «Пайду я на поле ды на сваю бручку зірну. Пакуль мая жонка дзяцей мые ды апранае, я пасьпею і ў поле схадзіць і вярнуцца дадому». Пайшоў вожык і сустрэўся падарозе з зайцам, які таксама йшоў у поле на сваю капусту паглядзець. 
— Добры дзень, паважаны заяц! Як вы маецеся? 
А заяц быў вельмі важны й горды. Замест таго, каб ветліва прывітацца з вожыкам, ён толькі кіўнуў галавою ды сказаў груба: 
— Што гэта ты, вожык, так рана па полі лётаеш? 
— Я на шпацыр выйшаў, — кажа вожык. 
— На шпацыр? — запытаўся заяц насьмешліва. — А па-мойму, на такіх кароценькіх ножках далёка ня зойдзеш. 
Пакрыўдзіўся вожык за гэткія словы. Ня любіў ён, калі гаварылі пра ягоныя ногі, якія запраўды былі кароткія ды крывыя. 
— Ці ня думаеш ты, — запытаўся ён у зайца, — што твае ногі бегаюць хутчэй і лепш? 
— Вядома, — адказаў заяц. 
— А ці ня хочаш ты зы мною навыперадкі пабегчы? — пытаецца вожык. 
— З табою навыперадкі? — кажа заяц. — Не сьмяшы ты мяне, калі ласка. Няўжо-ж ты на сваіх крывых нагах мяне абгоніш? 
— А вось пабачым, — адказвае вожык. — Убачыш, што абганю. 
— Ну, давай пабяжым, — кажа заяц. 
— Пачакай, — адказвае вожык, — спачатку я схаджу дадому пасьнедаю, а праз паўгадзіны вярнуся на гэтае месца. Тады і пабяжым. Добра? 
— Добра, — сказаў заяц. 
Пайшоў вожык дадому. Ідзе й думае: «Заяц, вядома, хутчэй за мяне бегае. Але ён дурны, а я разумны. Я яго перахітру». 
Прышоў вожык дадому і кажа жонцы: 
— Жонка, апранайся хутчэй, прыдзецца табе зы мною ў поле йсьці. 
— А што здарылася? — пытаецца вожычыха. 
— Ды вось мы з зайцам паспрачаліся, хто хутчэй бегае — я ці ён. Я павінен зайца абагнаць, а ты мне ў гэтай справе дапаможаш. 
— Што ты — звар'яцеў? — зьдзівілася вожычыха. — Ён-жа цябе адразу перагоніць. 
— Не твая справа, жонка, — сказаў вожык. — Апранайся хутчэй ды пойдзем. Я ведаю, што раблю. Апранулася жонка ды пайшла з вожыкам у поле. 
Падарозе вожык кажа жонцы: 
— Мы пабяжым з зайцам вось па гэтым доўгім полі. Заяц пабяжыць па аднэй баразьне, а я па другой. А ты, жонка, стань у канцы поля каля маёй баразны. Як толькі падбяжыць пад цябе заяц, ты крыкні: «Я ўжо тут!». Зразумела? 
— Зразумела, — адказвае жонка. 
Так яны й зрабілі. Завёў вожык жонку на канец свае баразны, а сам вярнуўся на тое месца, дзе пакінуў зайца. 
— Ну, што-ж — кажа заяц, — пабяжым? 
— Пабяжым, — адказвае вожык. 
Сталі яны кажны ў пачатку свае баразны. 
— Раз, два, тры! — крыкнуў заяц. 
І абодвы яны пабеглі з усіх ног. 
Прабег вожык крокаў тры-чатыры, а потым ціхенька вярнуўся на сваё месца і сеў. Сядзіць ды адпачывае. А заяц усё бяжыць ды бяжыць. Дабег да канца свае баразны, а тут вожычыха яму і крычыць: 
— Я ўжо тут! 
А трэба сказаць, што вожык і вожычыха вельмі падобныя адзін да другога. Зьдзівіўся заяц, што вожык яго перагнаў. 
— Пабяжым цяпер назад, — кажа ён вожыку. — Раз, два, тры! 
І пусьціўся заяц назад хутчэй. А вожычыха засталася сядзець на сваім месцы. 
Дабег заяц да пачатку баразны, а насустрач яму вожык крычыць: 
— Я ўжо тут! 
Яшчэ больш зьдзівіўся заяц. 
— Пабяжым яшчэ раз, — кажа ён вожыку. 
— Добра, — адказвае вожык. — Калі хочаш, пабяжым яшчэ раз. 
Так семдзесят тры разы бегаў заяц туды й назад. 
А вожык усё яго пераганяў. Прыбяжыць заяц да пачатку баразны, а вожык крычыць: «Я ўжо тут». 
На семдзесят чацьверты раз дабег заяц да сярэдзіны поля ды паваліўся на зямлю. 
— Умарыўся, — кажа, — не магу больш бегаць. 
— Вось бачыш цяпер, у каго ногі лепшыя? 
Нічога не адказаў заяц і пайшоў з поля — ледзь ногі пацягнуў. 
А вожык з вожычыхай паклікалі сваіх дзяцей і пашлі зь імі на шпацыр. 

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.